Праз некалькі месяцаў горад-спадарожнік Заслаўе стане сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Работы наперадзе яшчэ шмат, але жыхары горада застануцца задаволены вынікам. Аб гэтым сказаў старшыня Мінаблвыканкама Аляксей Кушнарэнка падчас агляду аб’ектаў, дзе запланаваны самыя маштабныя работы.
— Слаўны горад Заслаўе атрымаў права з’яўляцца часовай сталіцай Мінскай вобласці, плюс ён прымае абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2025», — сказаў Аляксей Кушнарэнка. — Сімвалічна таксама, што Заслаўе сёлета адзначае свой юбілей, 1040 гадоў. Таму зробім усё, каб свята хлебаробаў прайшло годна і была адпаведная інфраструктура: сацыяльна-гістарычная, культурная, як для жыхароў Заслаўя, так і для гасцей гэтага слаўнага гістарычнага горада.
Паводле слоў губернатара, распрацавана адпаведная праграма мерапрыемстваў падрыхтоўкі да фестывалю-кірмашу.
— Не буду адкрываць усе сакрэты, але хачу адзначыць, што ў нас ёсць планы па ўладкаванні моладзевага парку, пачатку будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Працягнем таксама будаўніцтва паліклінікі. Мы ведаем занепакоенасць жыхароў звалкай, якая тут размешчана і будзем прымаць адпаведнае рашэнне па яе далейшым функцыянаванні. У цэлым кожны куток горада будзе ў зоне нашай увагі. Упэўнены, што з нашай агульнай дапамогай і падтрымкай Заслаўе сустрэне гэтае свята годна, — рэзюмаваў Аляксей Кушнярэнка
Крыніца: minsk-region.gov.by



