У першую чаргу хачу ўспомніць Аляксея Пятровіча Шкадарэвіча - найбуйнейшага беларускага вучонага ў галіне оптыка-электроннага і лазернага прыборабудавання, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, прафесара, доктара фізіка-матэматычных навук, Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі краіны, дырэктара навукова-вытворчага рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства ЛЭМТ (лазеры ў экалогіі, медыцыне, тэхналогіі). Ім распрацавана шырокая гама лазерных перадатчыкаў і модуляў, якія паспяхова прымяняюцца ў касмічных апаратах, у сістэмах кіравання агнём, у сістэмах супрацьпаветранай абароны, у выкарыстанні высокадакладнай зброі. Яго лазерныя прыборы бяруць на ўзбраенне кардыёлагі, хірургі, дэрматолагі, стаматолагі, афтальмолагі... Ён аўтар больш за 300 навуковых прац. Ён чытаў лекцыі (на выдатнай англійскай мове!) у Японіі, ЗША, Германіі, Іспаніі, Францыі. Найцяснейшыя сувязі ў Аляксея Пятровіча з Расіяй. Яго адкрыццi выкарыстоўваюцца ў афтальмалагічным цэнтры, якім да сваёй трагічнай гібелі кіраваў Святаслаў Фёдараў. Яго выдатна ведаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў. Санкт-Пецярбургскі навуковы цэнтр РАН, які ўзначальваў Алфёраў, і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі дамовіліся аб супрацоўніцтве праз Парк высокіх тэхналогій. Супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных заўсёды прыносіла вялікія вынікі. Вядома ж, і адкрыцця Аляксея Пятровіча Шкадарэвіча будуць запатрабаваныя.
Міша Кулік, па ўспамінах яго настаўнікаў, рос вельмі сур'ёзным хлопцам. Яшчэ будучы сямікласьнікам, адстойваў правільнасць рашэння кантрольнай па матэматыцы нават у раённым аддзеле адукацыі. І абараніў. Потым вучыўся ў Мінскім аўтамеханічны тэхнікуме, у Харкаўскім вышэйшым ваенна-інжынерным вучылішчы. Атрымаў дыпломы інжынера-канструктара электронна-вылічальных машын і інжынера-матэматыка. Служыў у войсках стратэгічнага прызначэння ў Расіі. Потым паспяхова скончыў акадэмію імя Дзяржынскага. Аб рабоце такіх, як ён, не прынята казаць падрабязна: палкоўнік Міхаіл Міхайлавіч Кулік цяпер працуе ва ўрадзе Масквы, пастаянна вучыцца і ўдасканальваецца ў сваёй адукацыі і развіцці. Маці Мішы распавядала, што калі сыну атрымоўваецца прыехаць у Капыль, то ён адразу ж спяшаецца да сваёй былой настаўніцы беларускай мовы Клары Іларыёнаўна Сідзельнікавай, каб «пагутарыць па-беларуску пра жыццё».
«Капыльская радзімая зямля» дала свету вельмі шмат вядомых людзей. Хочацца назваць хоць некалькіх. Аб Макары Аляксандравічы Кіенi яшчэ ў 1936 году пісала газета «Праўда» як аб выдатным інжынеры мостабудаўніку, ардэнаносцы. Ён будаваў унікальныя масты праз Дняпро, Прыпяць, Аку, Ахтубу.
А былы капылянiн Мікалай Сцепаненка будуе сёння ў Расіі гідраэлектрастанцыі. Вельмі доўгі час ён знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Індыі і будаваў там гідраэлектрастанцыі. Валерыя Мікалаевіча Емяльянава ведаюць у Расіі як доктара тэхнічных навук, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, намесніка дырэктара Расійскага навукова-даследчага інстытута прыкладной хіміі. А хлопец з глыбінкі, з вёскі Язвіна, кандыдат навук Эдуард Цвірко, працуе ў Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі. У расійскай арміі служаць Сяргей Шабусаў, Алег Шыленкоў (у Маскве), Віктар Гарэцкі, Валеры Лібар (на Байкануры) і многія іншыя.
Таццяна МІХАЙЛОЎСКАЯ,
настаўнік англійскай мовы СШ № 2 г. Капыля, пазаштатны карэспандэнт «СП»
«СП» http://www.kopyl.by



