Каб годна прадставіць раён, дзеці праявілі творчасць і крэатыў, вынаходлівасць і кемлівасці і паказалі, наколькі яны добра ведаюць сваю малую радзіму.
Навучэнец Бучацiнскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад - сярэдняя школа Раман Ладыга прызнаны пераможцам у намінацыі «Сацыяльная сетка». Для Рамана - гэта не першы журналісцкі вопыт.
- Сваім першым крокам да поспеху ў конкурсе юных журналістаў я лічу ўдзел у педагагічным праекце Мінскай вобласці «Выхаванне асноў інфармацыйнай культуры падлеткаў праз выкарыстанне сацыяльных сетак», які рэалізоўваўся ў нас у школе, - распавядае юны журналіст. - Праз удзел у гэтым праекце, я навучыўся працаваць з інфармацыяй, стварыў канал на YouTube. Акрамя таго, сур'ёзна захапляюся англійскай мовай, паспяхова прымаю ўдзел у канферэнцыях па гэтым прадмеце. У ходзе падрыхтоўкі да канферэнцый я здымаў ролікі для свайго канала. Рэалізаваць гэтую ідэю мне дапамагалі настаўнік англійскай мовы Аксана Віктараўна Грыневіч і мае аднакласнікі.
З прафесійным выбарам Раман пакуль не вызначыўся, але, як адзначае Аксана Віктараўна, магчыма, гэта будзе і журналістыка: «Патэнцыял у Рамана ёсць, хлопчык ён харызматычны, а ў апошні час з'яўляецца нашым нязменны вядучым школьных свят».

Шасцікласніца з СШ № 3 г. Капыля Паліна Бохан названа лепшай у намінацыі «Лепшы відэаматэрыял». Сваё відэа Паліна прысвяціла роднаму гораду. Спаса-Узнясенскі храм, будынак сучаснага ЗАГСа, у якім 18 ліпеня 1932 года выступаў Янка Купала, і іншыя гістарычныя месцы Капыля знайшлі адлюстраванне ў фільме дзяўчынкі. Сцэнар да яго, дарэчы, Паліна пісала сама. Сама ж здымала на смартфон сюжэты і затым іх манціравала. У гэтым дапамагалі аднакласніцы і настаўнік рускай мовы і літаратуры школы Таццяна Міхайлаўна Нядзелька. У выніку атрымаўся невялікі, але досыць насычаны відэашэраг.

Адразу некалькі юных журналістаў сталі пераможцамі ў намінацыі «Лепшы фотарэпартаж». У іх ліку - і навучэнка 10 класа гімназіі № 1 г. Капыля Бажэна Лабко.
- Вельмі люблю творчасць і менавіта таму вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе, - дзеліцца ўражаннямі Бажэна. - Наша беларуская прырода вар'яцка прыгожая, але не ўсё гэта заўважаюць. Хочацца падштурхнуць як падлеткаў, так і тых, хто маладзейшы ці, наадварот, старэй, часцей бываць на прыродзе, дыхаць свежым паветрам і дзівіцца прыгажосці, якую яны ў нашым раёне, можа, і не заўважалі.

У гэтай жа намінацыі адзначана навучаецца 11 класа Лясноўскай СШ Анастасія Янушка. Для ўдзелу ў конкурсе дзяўчына падрыхтавала серыю фатаграфій «Я крочу па родным краі». На іх адлюстраваны наваколлі аграгарадка Лясное: возера, луг, палявыя кветкі. Па заканчэнні школы Анастасія марыць звязаць сваё прафесійнае жыццё з творчасцю і паступіць у Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў.

Яшчэ адна дыпламантка ў названай намінацыі - шасцікласніца з СШ № 3 г. Капыля Анастасія Белкiна. Творчасць юнай журналісткі таксама было прысвечана роднаму гораду. На фотаздымках адлюстраваны маляўнічыя месцы Капыля.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, суарганізатарамі - рэдакцыі газет «Пераходны ўзрост», «Настаўнiцкая газета», «Знамя юнацтва», тэлеканал «Мінск ТV».
Традыцыйна ў мерапрыемстве прымаюць удзел навучэнцы і творчыя калектывы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы аб'яднанняў па інтарэсах юных журналістаў ва ўзросце да 18 гадоў. У гэтым навучальным годзе на конкурс было прадстаўлена больш за 200 прац.
Дыяна ТКАЧЭНКА



