Адным з тых, каму быў уручаны памятны юбілейны медаль «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», стаў Вячаслаў Пятровіч Гапонаў. Яго асабіста павіншавалі старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык і начальнік адасобленай групы Капыльскага раёна ваеннага камісарыята Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў Сяргей Маргалiк.
Юбілейны медаль Вячаславу Гапонаву ўручылі Сяргей Пілішчык (справа) і Сяргей Маргалiк
- Прыміце словы падзякі за той уклад, якой Вы ўнеслі ў агульную перамогу, - адзначыў у прывітальным слове Сяргей Пілішчык. - Вы заслужылі падзяку і прызнанне нашчадкаў, таму трымаеце вось гэтую ўзнагароду, насіце яе з гонарам.
У сваю чаргу, з вачыма, поўнымі слёз, удзельнік партызанскага руху адказаў:
- Не дай бог, каб вашаму пакаленню дасталася падобнае, што выпрабавалі мы. Хай ніколі «варожая нага» не ступіць на нашу зямлю, а людзі хай жывуць шчасліва.
Сваіх адрасатаў, а гэта дваццаць дзевяць чалавек, узнагарода, без сумненняў, знайшла ў многіх кутках Капыльшчыны. Ніхто не застаўся па-за ўвагай прадстаўнікоў улады. Сярод іх - 12 удзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, 14 малалетніх і 2 былых паўналетніх вязня, адзін працаўнік тылу. У іх ліку былы малалетні вязень Яўген Сівец, у лёс якога ўпляліся цяжкія гады ў канцлагеры. Жыццё часам падавала шмат сюрпрызаў, але было яно цікавым і насычаным. У Яўгена Васільевіча моцная сям'я - гэта галоўная апора ў жыцці: у гэтым годзе разам з жонкай адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця.

Былы вязень Яўген Сівец
- У нашай сям'і Дзень Перамогі асабліва цэніцца, - адзначыў Яўген Васільевіч. - Гэта «свята са слязамі на вачах». Людзі павінны памятаць аб подзвігу сваіх суайчыннікаў, цаніць і шанаваць тых, хто зрабіў усё магчымае, каб гэта перамога адбылася.
Акрамя слоў падзякі, пажаданняў здароўя, даўгалецця і росквіту, прыемным дадаткам да ўзнагароды стала і матэрыяльная падтрымка ветэранаў: за кошт сродкаў суб'ектаў гаспадарання ім праведзена выплата ў памеры дзвюх базавых велічынь.

Сярод узнагароджаных - aрантавічка Наталля Артамонава
Даведачна
Юбілейны медаль «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» - дзяржаўная ўзнагарода, заснаваная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 51 ад 13 лютага 2020 года.
На вонкавым баку медаля размешчана кампазіцыя з выявай воіна-пераможцы з трапяткім сцягам, партызана з аўтаматам у паднятай руцэ і жанчыны з букетам кветак. На адваротным баку - надпіс з назвай медаля і вянок з лісця лаўра і дуба, абвіты стужкай. Выраблена ўзнагарода з латуні. Згодна з дакументам прысуджаецца медаль ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, а таксама ваеннаслужачым Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі, работнікам дзяржаўных органаў і іншым асобам, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян, увекавечанне памяці загінуўшых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Таццяна БОХАН



