– Як раз у адзін з апошніх дзён сакавіка, калі ў нашым раёне былі пацверджаны першыя станоўчыя вынікі тэстаў на каранавірус, працавала наша змена, - распавядае Кацярына Васільеўна. - Уся складанасць заключалася ў невядомасці, як і што лячыць. Мы транспартавалі пацыентаў ва ўстановы аховы здароўя вобласці, выяўлялі кантакты першага ўзроўню і таксама адвозілі іх у бальніцы. Першае, што ўспамінаецца - мітусня і ўсведамленне: гэта здарылася ў нас. Шмат было працы, паступала шмат выклікаў. Але, лічу, медыкі ЦРБ годна справіліся. І зараз напружанне некалькі спала.

Згуртаваная каманда «хуткай»: Андрэй Аўсянік, Ластачкіна Кацярына і Мікалай Жгун
У медыцыне Ластачкіна Кацярына – чалавек невыпадковы. Звязаць сваю прафесійную дзейнасць менавіта з названай сферай марыла са школы. Таму І паступіла ў Мінскае медыцынскае вучылішча. Пачынала працоўную сцежку ў Салігорскім раёне на пасадзе загадчыка ФАПам. На Капыльшчыну трапіла пасля замужжа. І адразу - медсястрой палаты хірургічнага аддзялення. На «хуткай» Кацярына працуе з 2012 года. Асвойваць спецыфіку менавіта гэтай медыцынскай працы дапамагала фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Таццяна Кандыбовіч.
За мінулыя восем гадоў аснашчэнне «хуткай» значна палепшылася. Сёння медыкі акажуць першую дапамогу на больш высокім узроўні. Возьмуць розныя віды аналізаў, у тым ліку і «на цукар». У іх арсенале - пульсаксiметр, ЭКГ, апарат ШВЛ, дэфібрылятар. Бо ў жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Паміж сабой машыну «хуткай» яны кахаючы называюць «міні-лякарня».
- У нас склалася моцная каманда, - распавядае Кацярына Ластачкіна. - У яе ўваходзяць фельчар Мікалай Жгун і кіроўца Андрэй Аўсяннік. Ад таго, наколькі зладжана працуе калектыў хуткай дапамогі, часцяком залежыць жыццё чалавека. Сваю працу я люблю і ўсведамляю, што з людзьмі трэба паводзіць сябе акуратна і ветліва, з разуменнем.
А яшчэ Кацярына Ластачкіна - чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Яна - пастаянны ўдзельнік розных спаборніцтваў, як спартыўных, так і медыцынскага майстэрства. Гэта дапамагае заўсёды заставацца ў добрай фізічнай і прафесійнай форме.
Дзіяна Ткачэнка
Дарагія медыцынскія сёстры, паважаныя ветэраны!
Сардэчна віншуем вас з Міжнародным днём медыцынскай сястры. Гэта прафесія - адна з самых гуманных і карысных грамадству. Медсёстры складаюць самую шматлікую катэгорыю работнікаў аховы здароўя, так як у медычнай практыцы вялікая доля медыцынскіх паслуг аказваецца выключна сястрынскім персаналам.
Жадаем вам сіл, здароўя і бяспекі на сваіх працоўных месцах. У гэты складаны час вельмі важна захаваць сілу духу, аказваць падтрымку і ўзаемадапамогу адзін аднаму, быць прафесіяналамі ў кожным сваім дзеянні, у кожным слове і быць упэўненымі ў тым, што грамадства, краіна адчуваюць да вас пачуццё глыбокай павагі і падзякі!
Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт УАЗ «Капыльская ЦРБ»



