Нам заўсёды важна ведаць, што мы не адны, што побач ёсць людзі, грамадскія арганізацыі, калектывы прадпрыемстваў гатовыя прыйсці на дапамогу. Мы ўдзячны ўсім, хто дапамагае нам, верыць у нас. Разам мы пераадолеем любыя цяжкасці.
Як вядома, Капыльская раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» далучылася да маштабнай рэспубліканскай акцыі «Марафон падтрымкі», мэта якой – дапамагчы медыцынскім работнікам, якія працуюць у складаных умовах і, у першую чаргу, жанчынам — медыкам. Ініцыятыву падтрымалі першасныя арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і калектывы раённых арганізацый — СШ № 2 г.Капыля, ТЦСАН, сельвыканкамы, яслі-сад № 6 г. Капыля. У рамках акцыі медыкам, якія знаходзяцца ў бальніцы кругласутачна (працуюць і жывуць удалечыні ад сям'і), перададзены прыналежнасці для асабістай гігіены, чай, кава, цукеркі, печыва, пітная вада. Таксама раённай паліклініцы перададзены дэзінфікуючыя сродкі, пальчаткі, медыцынскія халаты і аднаразовыя медыцынскія касцюмы, пашытыя па лякалах, зробленых супрацоўнікамі ТЦСАН, работнікамі ўстаноў адукацыі Капыльскага раёна.
Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Святлана Маліноўская пры перадачы неабходных тавараў падкрэсліла, што ўсе прадстаўніцы БСЖ удзячны медыцынскім работнікам не толькі ў сітуацыі супрацьстаяння каранавірусу, а за штохвілінную барацьбу за жыцці і здароўе людзей ва ўсе часы. І да пандэміі, і падчас, і пасля яе без лекараў - ніяк! Зараз ролю і значнасць медыцынскага персаналу ўсе ўбачылі і ўсвядомілі. І ў цяперашняй сітуацыі доўг кожнага - дапамагчы медыкам, а гэтым самым годна прайсці тэст на чалавечнасць, спагадлівасць, здольнасць суперажываць і ўзаемадзейнічаць.
Марына Гайдэль,
старшыня першаснай арганізацыі ГА «БСЖ» УАЗ «Капыльская ЦРБ»



