Гэтым разам святочны пачастунак прымалі выхаванцы Капыльскай дапаможнай школы-інтэрната.
Хлопчыкі і дзяўчынкі не стрымлівалі свайго захаплення: высокі, у чатыры ярусы, упрыгожаны зробленымі з цеста каласкамі, кветкамі і беларускім арнаментам каравай да таго ж прыцягваў і апетытным водарам.
Іван Бабко уручае каравай Алене Карповіч
- Гэты дзівосны пірог - падарунак вам, дарагія хлопцы, ад працаўнікоў вёскі, якіх у суботу ўшаноўвалі ў г.Чэрвені на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2020», – звярнуўся да выхаванцаў школы-інтэрната начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іван Бабко. - Упэўнены, вы па вартасці ацэніце гэты духмяны пірог. А яшчэ скажу, што ў стварэнне агульнага хлебнага каравая Мінскай вобласці ўнеслі свой уклад і працаўнікі Капыльскага раёна.
Ад імя выхаванцаў школы-інтэрната і педагогаў падзяку выказала дырэктар названай ўстановы адукацыі Алена Карповіч. Яна адзначыла, што кожны вучань зможа паспрабаваць выдатны пірог за кубкам духмянай гарбаты.
Дзіяна Ткачэнка



