Аднак у неабходнасці правядзення прышчэпак сумневы ўзнікалі раней і ўзнікаюць цяпер.
Пра тое, ці варта прышчапляцца, распавядае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Капыльскага раёна Сяргей БАСАЛЫГА:
- Захворванне гэтымі інфекцыямі ў прышчэпленых у 10 разоў ніжэй, чым сярод непрышчэпленых. У першую чаргу прышчэпкі рэкамендаваны людзям, якія адносяцца да груп павышанай рызыкі развіцця постгрыпозных ускладненняў і захворванняў на грып. Прышчэпкі атрымаюць малыя ва ўзросце ад шасці месяцаў да 3 гадоў, пенсіянеры старэйшыя за 65 гадоў, дарослыя і дзеці з хранічнымі захворваннямі, аслабленым імунітэтам, цяжарныя жанчыны, медыцынскія работнікі, супрацоўнікі дзяржаўных органаў, якія забяспечваюць бяспеку жыццядзейнасці насельніцтва. Таксама прышчэпкі атрымаюць дашкольнікі, вучні школ і работнікі ўстаноў адукацыі.
Як і ў папярэднія гады, вакцынацыя ажыццяўляецца на бясплатнай і платнай аснове - за кошт сродкаў прадпрыемстваў. Для бясплатнай імунізацыі выкарыстоўваецца вакцына «Грыпол плюс». На платнай аснове будзе выкарыстоўвацца «Ваксігрып Тэтра» (Францыя), «Інфлювак» (Нідэрланды), «Грыпол плюс» і «Ультрафікс» (Расія). Пасля вакцынацыі імунітэт пачынае развівацца праз 2-3 тыдні і абараняе ад захворвання да 1 года, таму прышчапляцца трэба загадзя. Самы аптымальны час для гэтага – верасень-лістапад.
Калі ў вас цяжкае вострае захворванне або абвастрылася хранічнае захворванне, гэта не падстава адмовіцца ад прышчэпкі, гэта падстава адкласці вакцынацыю да выздараўлення і зрабіць яе пазней!
Ужо з 10 верасня 2020 года ўсе жадаючыя атрымліваюць прышчэпку супраць грыпу ў паліклініцы або іншых лячэбна-прафілактычных арганізацыях раёна, звярнуўшыся да ўчастковага ўрача агульнай практыкі, педыятра.
Інфармацыю па вакцынацыі супраць грыпу можна атрымаць па тэлефонах у рэгістратуры раённай паліклінікі: 51-7-73, а таксама ў сельскіх урачэбных амбулаторыях.
Дзіяна Ткачэнка



