Ужо зараз у школах па ўсёй краіне - сярод якіх 23 на Міншчыне – абсталявана 150 STEM класаў. Абсталяваннем займалася кампанія «Навучанне і інавацыі» – прадстаўнік РОББА ў Беларусі, якая выйграла тэндар, які праводзіўся Міністэрствам адукацыі Беларусі ў канцы мінулага года.

Нюансы робаплатформы вывучае пяцікласнік Антон Мілашэўскі разам з настаўнікам інфарматыкі Людмілай Хаміцэвіч
- Інжынерны інавацыйны клас РОББА - гэта комплекс самага сучаснага робататэхнічнага абсталявання: 3D-друкаркі, робататэхнічныя платформы, наборы схематэхнікі і мікраэлектронікі для навучання, - распавядае стваральнік кампаніі «РОББА» Павел Фралоў. - Гэта цэлыя тэхнічныя міні-лабараторыі, дзе будуць рыхтаваць праграмістаў і інжынераў. Праграма шырокая і нацэлена на засваенне практычных навыкаў: ад стварэння кампутарных гульняў і мабільных прыкладанняў да канструявання робатаў.
Напаўненне РОББА класа ў СШ №2 г. Капыля ўражвае. Атрымана каля трыццаці новых набораў: робататэхнічныя платформы і лабараторыі, наборы пашырэнняў для робаплатформы і схематэхнікі. Усё гэта дапаможа рыхтаваць непасрэдна са школьнай лавы праграмістаў і інжынераў новага пакалення. У якасці базавага асяроддзя праграмавання выкарыстоўваецца папулярнае ва ўсім свеце асяроддзе Scratch, якая складаецца з графічных блокаў з тэкставымі надпісамі.
– Займацца ў РОББА класах могуць дзеці ўжо з шасці гадоў, – гаворыць настаўнік інфарматыкі СШ №2 г. Капыля Людміла Хаміцэвіч. – На пачатковых этапах яны вывучаюць праграмаванне ў асяроддзі Scratch, потым смела могуць пераходзіць на робат-Scratch. Стартуюць з візуальнага праграмавання, а далей вучацца вырашаць інжынерныя задачы, пераходзяць да стварэння больш грунтоўных рэчаў, скажам, да праграмавання сістэм разумнага дома. Навучанне праводзіцца ў рамках факультатыўных заняткаў у праграме «Scratch». Як паказвае досвед, рабят заняткі захопліваюць, пачынаючы з першых урокаў.
У дапамогу педагогам распрацаваны падрабязныя метадычныя матэрыялы па выкладанні курса робататэхнікі на абсталяванні РОББА. Павышэнне іх кваліфікацыі будзе праходзіць на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка. Пасля падрыхтоўкі настаўніка атрымаюць пасведчанні дзяржаўнага ўзору аб павышэнні кваліфікацыі.
Дарэчы, даступнасць запатрабаваных прафесій будучыні для ўсіх дзяцей - галоўная мэта праекта. Інжынерныя інавацыйныя класы РОББА з'явяцца ва ўсіх раёнах Беларусі для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі нават з самых маленькіх гарадкоў мелі магчымасць вывучаць сучасныя тэхналогіі і ўзнімаць запатрабаваныя напрамкі навукі і тэхнікі. Першыя інжынерна-інавацыйныя класы запрацавалі ў краіне ў 2019-м у школах Гомеля, Жыткавіч, Жодзіна, Лунінца, Мінска, Узды і іншых гарадоў. Усяго - больш за 20 класаў па ўсёй краіне, дзе дзеці ўжо паспяхова асвойваюць курсы робататэхнікі. Высокі ўзровень і эфектыўнасць навучання пацвярджаюць прызавыя месцы вучняў РОББА класаў на прэстыжным міжнародным конкурсе - Міжнароднай Scratch-Алімпіяды па крэатыўным праграмаванні.
Таццяна Бохан
Крыніца «СП»



