Напярэдадні Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў у Капыльскім раённым краязнаўчым музеі прайшло памятнае мерапрыемства.
У сустрэчы прынялі ўдзел пракурор Капыльскага раёна Віталь Афанасенка, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Юхо, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Карпеленя, старшыня Капыльскага раённага Савета ветэранаў Людміла Камянко, а таксама навучэнцы сярэдняй школы № 3.
Ганаровым госцем сустрэчы стала жыхарка Капыля, былая вязня Надзея Іванаўна Катвіцкая, якая расказала пра сваё дзяцінства, якое супала з гадамі ваеннага ліхалецця. У 1943 годзе яе разам з маці, братам і трыма сёстрамі скралі ў Германію, дзе выкарыстоўвалі ў якасці працоўнай сілы. Аб тым, што прыйшлося перажыць Надзеі Іванаўне і яе сям’і, будзе апублікавана ў найбліжэйшым нумары газеты.
Нажаль, гісторыя госці далёка не адзінкавая. Як паведаміў навуковы супрацоўнік Капыльскага раённага краязнаўчага музея Андрэй Летчэня, усяго ў Германію на прымусовыя работы з Капыльскага раёна было скрадзена 749 чалавек. Вязнямі фашысцкіх канцлагераў сталі 258 чалавек, 114 з іх былі непаўналетнімі. Акрамя таго, за гады вайны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі было забіта 6976 мірных жыхароў Капыльшчыны, спалена 30 вёсак і 24 разбурана, створана тры гета: у Капылі, Цімкавічах і Грозава.
У цэлым, лейтматывам сустрэчы стала сцвярджэнне аб тым, што мір на зямлі неймаверны без гістарычнай памяці. Толькі памятаючы пра тыя страшныя падзеі, якія давялося перажыць папярэднім пакаленням, аддаючы даніну павагі загінуўшым і тым, хто выжыў у тым пекле, можна спадзявацца, што падобнае больш ніколі не паўторыцца. Менавіта пра гэта казалі прысутныя.
У завяршэнні мерапрыемства яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым жыхарам г. Капыля ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі, ушанавалі памяць ахвяр фашызму хвілінай маўчання.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся юныя ўдзельнікі сустрэчы.
Ксенія Бродская, навучэнка 9-га класа СШ № 3:
— Мерапрыемства спадабалася. Цікава было паслухаць Надзею Іванаўну — сведку вайны. Я ўвогуле люблю падобныя гісторыі з жыцця людзей, якім давялося шмат чаго перажыць. А тут яшчэ пашанцавала пачуць усё з першых вуснаў. Гэта было да мурашак.
Павел Сяргееў, навучэнец 8-га класа СШ № 3:
— Сустрэча прымусіла задумацца над каштоўнасцю таго, што мы маем. Міжволі параўнаў нашае жыцьцё з тым, што выпала на долю людзей падчас вайны. Вельмі кранулі гісторыі былой вязні. У цэлым, было вельмі пазнавальна. Адкрыў для сябе шмат новага.
КАМПЕТЭНТНА
Пракурор Капыльскага раёна Віталь Афанасенка:
— Вялікая Айчынная вайна скончылася амаль 80 гадоў таму. Аднак за гэты час з памяці чалавецтва не зніклі жахлівыя злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Без болю ўспамінаць аб зверствах фашыстаў немагчыма. І мы памятаем аб тым, што яны тварылі з нашымі суайчыннікамі. Менавіта таму Беларусь праводзіць скрупулёзнае поўнамаштабнае расследаванне справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мэта якога — не проста ўстанавіць маштаб трагедыі, але яшчэ і паказаць сапраўдную асобу нацызму і фашызму. Мы абавязаны абараніць праўду аб падзеях тых страшных гадоў, бо ігнараванне ўрокаў мінулага можа прывесці да паўтарэння трагедыі.



