Напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на Капыльшчыне стартаваў маштабны аўтапрабег па мясцінах баявой славы. Удзел у патрыятычнай акцыі прынялі педагогі, навучэнцы гарадскіх школ, старшыня РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі, прадстаўнікі РК ГА «БРСМ», упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Мерапрыемства аб’яднала пакаленні, нагадаўшы аб подзвігу тых, хто змагаўся за свабоду роднай зямлі.
Аўтапрабег пачаўся ля помніка воінам-вызваліцелям у Капылі. Тут прайшоў мітынг, дзе ўдзельнікі ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі.
— Кожны з нас абавязаны памятаць, якім коштам заваявана мірнае неба, — падкрэсліў Аляксандр Касінскі.
Затым калона накіравалася да ключавых гістарычных пунктаў раёна. І наступным прыпынкам стала Алея мужнасці і адвагі, прысвечаная ўдзельнікам вайны ў Аўганістане.
Далей у маршруце — брацкая магіла воінаў-пагранічнікаў Цімкавіцкага пагранатрада; помнік загінуўшым землякам у вёсцы Руднае; мемарыял у Вялікай Раеўцы, дзе ўвекавечаны імёны вяскоўцаў, якія не вярнуліся з фронту; урочышча Гнілуха — месца першага бою партызан з нямецкімі захопнікамі 9 мая 1942 года; памятнае месца ў вёсцы Калодзежнае, дзе ў лютым 1943-га фашысты расправіліся з мірнымі жыхарамі.
Завяршылася патрыятычнае мерапрыемства ля брацкай магілы 18 партызан паблізу Лаўскага лесу. Тут Аляксандр Касінскі расказаў пра трагічныя падзеі снежня 1942 года, калі загінулі ўсе нашы хлопцы, самаму малодшаму было 15 гадоў.
Аўтапрабег стаў не проста экскурсіяй, а жывым урокам мужнасці. Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі:
— Такія акцыі звязваюць мінулае і сучаснасць, — адзначыла моладзевы лідэр РК ГА «БРСМ» Анастасія Давыдзенка. — Важна, каб моладзь ведала: вайна закранула кожную сям’ю тут, на Капыльшчыне.
— Калі мы стаялі каля брацкай магілы паблізу Лаўскага лесу і слухалі гісторыю пра 15-гадовага партызана, у мяне камяк у горле ўстаў, — распавядае навучэнка гімназіі № 1 г. Капыля Ганна Бурак. — Гэта ж наш аднагодак... І ён ахвяраваў сваім жыццём. Мы абавязаныя аб гэтым казаць, каб такое больш ніколі не паўтарылася.
— Такія акцыі — каштоўны ўрок для нас, — дзеліцца навучэнка СШ № 3 г. Капыля Анастасія Маркава. — Мы ўбачылі месцы, дзе ішлі баі, слухалі гісторыі аб земляках. Гэта і ёсць жывая сувязь пакаленняў: калі гісторыя перастае быць абстракцыяй і становіцца часткай нашай асабістай памяці.
Да 80-годдзя Перамогі зямля герояў зноў нагадала: пакуль жывая памяць, жывыя і тыя, хто аддаў жыцці за нашу будучыню. Верым, што агонь гэтай памяці не згасне ў сэрцах новых пакаленняў.



