Адна з ключавых дат у гісторыі суверэннай Беларусі — 15 сакавіка 1994 года. У гэты дзень была прынята Канстытуцыя, якая ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы. Гэты дакумент заклаў трывалы прававы фундамент незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі.
З’яўленню Асноўнага закона 1994 года папярэднічалі беларускія канстытуцыі савецкай эпохі 1919, 1927, 1937, 1978 гадоў, якія заклалі асновы беларускай дзяржаўнасці, устанавілі сістэму дзяржаўных органаў, замацавалі асноўныя правы і абавязкі грамадзян. Кожная з гэтых канстытуцый мела свае асаблівасці, аднак агульным для іх было адлюстраванне сацыялістычных каштоўнасцей, замацаванне марксісцка-ленінскай ідэалогіі.
На фоне распаду СССР і палітычных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, якія папярэднічалі гэтаму, у Беларусі ўзнікла неабходнасць змянення канстытуцыйных асноў дзяржаўнага ладу. Над праектам Асноўнага закона вялася маштабная работа, якая расцягнулася на некалькі гадоў. У выніку 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання была зацверджана першая ў гісторыі суверэннай рэспублікі Канстытуцыя. Яна ўстанавіла прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права. Акрамя таго, Канстытуцыяй упершыню ў гісторыі краіны ў сістэме вышэйшых органаў дзяржаўнай улады прадугледжана пасада Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення вызначаны ў раздзеле VIII Асноўнага закона. У артыкуле 138 гаворыцца, што пытанне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі разглядаецца палатамі парламента па ініцыятыве Прэзідэнта, Усебеларускага народнага сходу, не менш як адной трэццю ад поўнага складу кожнай з палат парламента або не менш як 150 тыс. грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам. У артыкуле 140 замацавана палажэнне аб тым, што змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі шляхам рэферэндуму лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавалі больш за палову грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Лічыцца, што рэферэндум адбыўся, калі ў ім прынялі ўдзел больш за палову грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Раздзелы I «Асновы канстытуцыйнага ладу», II «Асоба, Грамадства, Дзяржава», IV «Прэзідэнт, Усебеларускі народны сход, Парламент, Урад, Суд» і VIII «Парадак змянення і дапаўнення Канстытуцыі» могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
Першыя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі ўнесены ў выніку праведзенага 24 лістапада 1996 года рэспубліканскага рэферэндуму. На грамадскае абмеркаванне было вынесена 7 пытанняў: 4 былі ініцыяваны Прэзідэнтам, 3 — парламентам. У выніку былі падтрыманы 2 прапановы Прэзідэнта, усе прапановы парламента былі адхілены. Прапанову Аляксандра Лукашэнкі аб пераносе Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь на 3 ліпеня падтрымалі 88,18 працэнта выбаршчыкаў, прыняцце прапанаванай Прэзідэнтам новай рэдакцыі Канстытуцыі — 70,45 працэнта.
Чарговыя змяненні ў Канстытуцыю былі прыняты па выніках рэферэндуму 17 кастрычніка 2004 года, таксама праведзенага па ініцыятыве Прэзідэнта. На народны суд быў вынесены адзіны пункт: аб магчымасці прадастаўлення кіраўніку дзяржавы права ўдзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на чарговых выбарах Прэзідэнта і адмены абмежаванняў на колькасць тэрмінаў перавыбрання на гэту пасаду для адной і той жа асобы. Па выніках рэферэндуму беларускі народ зноў падтрымаў прапанову лідара. Паводле даных Цэнтрвыбаркама, у галасаванні прынялі ўдзел 90,28 працэнта грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. З іх рашэнне па вынесеным на плебісцыт пытанні падтрымалі 79,42 працэнта.

Трэці рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю быў праведзены 27 лютага 2022 года па ініцыятыве Прэзідэнта. На грамадскае абмеркаванне быў вынесены абноўлены варыянт Асноўнага закона краіны, дзе было прапанавана змяніць больш за 80 артыкулаў, дапоўніць тэкст адной главой аб Усебеларускім народным сходзе і 11 новымі артыкуламі. Змяненні перш за ўсё закранулі пытанні дзяржаўнага ўладкавання нашай краіны. Так, былі сфармуляваны нормы, якія вызначаюць статус, парадак фарміравання і паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, які стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя. За прыняцце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавалі 4 440 830 грамадзян, што склала 82,86 працэнта ад грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Дзеючая Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.
Крыніца: belta.by



