На фізкультурна-аздараўленчым комплексе горада Капыля ў
мінулую суботу дваццаць чатыры спартыўныя дружыны выяўлялі мацнейшы калектыў
фізічнай культуры работнікаў аграпрамысловай галіны.
У праграму сёлета
ўвайшлі шэсць відаў – гіравы спорт, скачкі на скакалцы, штрафны кідок у
баскетбольнае кольца, камбінаваная эстафета, дартс і плаванне. У такой
паслядоўнасці і праходзіла сёлетняе мерапрыемства, якое мела крыху нечаканыя вынікі.
Максімальная
колькасць ачкоў (30), якія атрымала каманда за першае месца па суме за два віды
(гіравы спорт і скакалка), была залічана на рахунак ААТ “Мажа-Агра”. Другое
месца дасталося ААТ “Прагрэс 2010” (25 ачкоў), трэцяе — Капыльскаму філіялу ААТ
“Слуцкі сыраробны камбінат” (23 ачкі).
Барацьба за лідарства
на штрафным кідку ў баскетбольнае кольца не вызначыла пераможцаў пасля першага
круга спаборніцтваў. І жанчыны, і мужчыны ў асабістым заліку выяўлялі мацнейшых
у дадатковай спробе. А каманднае першае месца ўзяло ўпраўленне райсельгасхарчу.
Другі вынік паказалі баскетбалісты ААТ “Малінава”, а трэці — ЗАТ “Жыліхава”.
Як заўсёды, самай
відовішчнай стала камбінаваная эстафета. Яна засталася фактычна без змяненняў
(перанеслі толькі лінію старту). Удзельнікі, таксама як і ў мінулыя гады, ехалі
на санках, спускаліся з гары на “салазниках”, прабягалі на лыжах пэўную
адлегласць і стралялі па мішэні. Найхутчэй пераадолелі ўсе этапы работнікі
ўпраўлення райсельгасхарчу. Другі час паказалі прадстаўнікі ААТ “Мажа-Агра”.
Трэці вынік — у ААТ “Старыца-Агра”. Дарэчы, за эстафету ўсе каманды атрымлівалі
падвоеную колькасць ачкоў.
Крыху змяніліся
правілы (у параўнанні з мінулагоднімі) у дартсе. Пасля “прыстрэлкі” замест пяці
дроцікаў у залік цяпер ішлі ажно дзевяць. Самымі трапнымі тут аказаліся
работнікі Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” і занялі,
адпаведна, першае месца. Крыху саступілі ім кідальнікі дроцікаў з КСУП “Саўгас
“Лясное”. У іх — другая сума ачкоў. Трэція — прадстаўнікі ААТ “Прагрэс 2010”.
Завяршала праграму
плаванне. Тут мужчыны пераадольвалі 50 метраў вольным стылем, а жанчыны —
напалову меншую дыстанцыю. Лепшыя секунды былі зноў ва ўпраўлення
райсельгасхарчу. Крыху саступілі лідарам плыўцы з ААТ “Старыца-Агра” і занялі
другое месца. Трэцімі ў гэтым відзе сталі работнікі КСУП “Саўгас “Лясное”.
Пасля падвядзення
вынікаў агульнакаманднага заліку вызначылася, што розніца ў тройкі лідараў
склала ўсяго шэсць ачкоў. Трэцяя прыступка п’едэстала гонару — у ААТ
“Мажа-Агра” (129 ачкоў). На другой апынуўся калектыў Капыльскага філіяла ААТ
“Слуцкі сыраробны камбінат” (133). А пераможцамі сёлетняй спартакіяды ўпершыню
сталі работнікі ўпраўлення райсельгасхарчу (135).
Пераможцы ў асобных
відах праграмы, асабістым заліку атрымалі граматы і памятныя падарункі, а
тройка лідараў спартакіяды — яшчэ кубкі і грашовыя прэміі ад аддзела адукацыі,
спорту і турызму, райкама прафсаюза работнікаў АПК.




