Па традыцыі Сяргею Новіку падзякавалі за старанную працу і ўручылі заслужаныя ўзнагароды дырэктар філіяла Аляксандр Рубіс і галоўны інжынер Сяргей Карсюк.
— Вялікі дзякуй за высокую адказнасць і адданасць любімай справе, беражлівыя і дбайныя адносіны да працы. Жадаем, каб родная зямля, сагрэтая Вашай увагай і клопатам, давала высокія ўраджаі, — падкрэсліў падчас віншавання кіраўнік сельгаспрадпрыемства.
Сяргей Новік прызнаецца, што з палявых работ больш за ўсё любіць менавіта сяўбу. Перавагу аддае веснавой: засыпаў зерне ў сеялку і едзь па падрыхтаваным роўным полі. Але праца механізатарам выпадае розная, і хапае яе круглы год. Сам ён, калі ўвесну адсеецца і пойдзе ў рост трава, будзе заняты на касьбе, восенню зноў прыступіць да ворыва і сяўбы. Вось так шчыруе ад сезона да сезона, ад аднаго віду работ да другога. Сакрэтам і галоўнай умовай свайго поспеху Сяргей Іванавіч называе саму працу. Не гнацца за лепшым, лягчэйшым, больш выгадным ці выйгрышным, а ісці і працаваць, добра, якасна, сумленна. Тады і поспех будзе, прызнанне і павага.
— Люблю сваю работу і застаюся верным сельскай гаспадарцы на працягу столькіх гадоў, — гаворыць Сяргей Новік. — Лічу, што без зямлі ніяк — яна наша карміцелька.
А ці можа быць інакш? Вядома ж, не. Сам мужчына — вялікараёўскі, пасля школы закончыў капыльскае прафтэхвучылішча, адслужыў у арміі, крыху працаваў вадзіцелем у сельгасхіміі. Але з маленства адчуваў прыцяжэнне роднай зямлі (дапамагаў бацькам, якія працавалі ў калгасе), таму і вярнуўся ў мясцовае сельгаспрадпрыемства. Тут і сустрэў сваю другую палавінку — Наталлю Іванаўну, якая па накіраванні была размеркавана працаваць у сельскай бібліятэцы. З каханай жанчынай выгадавалі дачку Крысціну, радуюцца ўнучкам Настассі і Веры.
Сёлета хлебаробы філіяла «Вялікая Раёўка» ў аптымальныя тэрміны правялі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Увогуле да вясны падышлі добра падрыхтаванымі. У хуткім часе амаль на 150 га зазелянее яравы ячмень, на 375 га раскінецца кукуруза, з якіх 100 га пойдзе на зерне. Зараз жа на палетках вядзецца падсеў шматгадовых траў, падкормка і хімапрацоўка азімых.
Як адзначыў у размове кіраўнік філіяла Аляксандр Рубіс, палявыя работы праходзяць арганізавана, без спешкі. Значная стаўка ў іх якасным правядзенні робіцца на механізатарскі састаў. І калі работу давяраюць прафесіяналам сваёй справы, якія сумленна выконваюць абавязкі і ўсведамляюць адказнасць за будучы ўраджай, тады можна спадзявацца на поспех. А такія спецыялісты ў «Вялікай Раёўцы» ёсць.
Автор: Сергей Козел
«СП»




