10 жніўня, Копыль /Уласн. інф./. Ажно 7,6% прыросту за апошні дзень дасягнута на жніве ў СВК “Скабін”. Такія тэмпы ў гаспадарцы лічаць заканамернымі. Сонечнае надвор’е, якое ўсталявалася ў апошні час, дае магчымасць, як кажуць, ухапіць ураджай. Таму рэжым работы – з 6 гадзін раніцы амаль да апоўначы – апраўданы.
Як адзначыў намеснік старшыні сельгаспрадпрыемства Віктар Станкевіч, днём убіраюць ячмень, пад вечар пераходзяць на пшаніцу, трыцікале. Аднак ніводнае пачатае поле не зжынаецца да канца, таму што сустракаюцца вымачкі. На такія месцы камбайны выйдуць пазней на спараных колах.
Аднак у некаторых выпадках ліўні і паспрыялі. Так, на плошчах бліжэй да Грозава, дзе пераважаюць пясчаныя глебы, як ніколі раней, павы- сілася ўраджайнасць ячменю – больш за 40 цэнтнераў з аднаго гектара. А ў сярэднім па гаспадарцы выходзіць 44,6 ц/га.
Сярод шасці камбайнавых экіпажаў, нагрузка на якія складае каля 200 гектараў, лідэрства ўтрымлівае Іван Лук’яновіч і Дзяніс Хнурын. На “Лексіёне-530” яны намалацілі 835 тон збожжа.
Героямі сёлетняга жніва з’яўляецца і экіпаж у складзе Аляксандра Музыкі і Яўгена Зяневіча, які занесены на раённую Дошку гонару ў газеце “Слава працы” па выніках спаборніцтва сярод маладых удзельнікаў жніва. На камбайне “Ліда-1300”, які аднесены да ІІ групы, яны намалацілі 536 тон. Дарэчы, Аляксандр – сын знакамітага камбайнера СВК “Ванелевічы” Івана Іванавіча Музыкі, які летась з напарнікам Дзмітрыем Міцкевічам працавалі на “Лексіёне-540”. Іх агульны вынік – 2361 тона. Сын ва ўсім стараецца быць падобным да бацькі. І не толькі. У цесця, Віктара Аляксандравіча Карпука, таксама механізатарская загартоўка. Сам жа Музыка-малодшы жыве ў Скабіне пяты год, з жонкай атрымалі добраўпарадкаванае жыллё, гадуюць дачушку Ганначку.
А яго памочнік Яўген – капылянін, навучэнец СПЛ, праходзіў у СВК “Скабін” практыку, а пасля ўладкаваўся сюды на працу.
- З Музыкам весела працаваць, — зазначае Зяневіч. – Маю на ўвазе, што да работы ён ахвочы, палёгкі не дае ні сабе, ні мне.
Так, палёгкі няма нікому, пакуль у полі стаіць збажына. Высокая адказнасць за лёс ураджаю заўсёды вызначала скабінскіх механізатараў, ва- дзіцеляў. Важная роля адводзіцца і рабочым збожжасушыльнай гаспадаркі, змены якіх узначальваюць Леанід Бычынскі, Юрый Хмялеўскі, Мікалай Ляўчук, Пётр Маляр.
— Некаторыя цяжкасці мы адчуваем з дапрацоўкай збажыны, — расказвае Віктар Станкевіч. – Магутнасці СЗК-10 і КЗС-10 невялікія. Але добра, што надвор’е паспрыяла, і на ток паступае практычна сухое збожжа. У нас на сёння падрыхтавана 300 тон харчовай пшаніцы на здачу па дзяржзаказе. Але ў недастатковай колькасці выдзяляецца транспарт на яе вывазку. Таму ноччу сваімі аўтамашынамі робіцца пастаўка на хлебапрыёмны пункт.
Актыўнасць людзей падмацоўваецца мерамі маральнага і матэрыяльнага стымулявання, бясплатнымі смачнымі абедамі, якія гатуюць у капыльскім рэстаране, і наогул увагай кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства да кожнага, хто заняты на ўборцы ўраджаю.
Марыя ШЭІНА
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Музыка і яго памочнік Яўген Зяневіч.
Фота аўтара