9 снежня, Капыль /Уласн. iнф. /. Прайшлі спаборніцтвы па шашках і шахматах у рамках спартакіяды сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Трэба адзначыць, што з года ў год на мерапрыемства прыязджаюць, як правіла, сапраўдныя аматары гэтых відаў спорту. У суботу на турнір сярод сельскіх жыхароў завітала сем каманд: СВК “Ціміразеўскі”, “Мажа-Агра”, “Пацейкі”, “Ванелевічы”, РСУП “С “Прамень”, СГФ “Грозава”, ААТ “Капыльскае”. У шашыстаў мацнейшымі сталі прадстаўнікі СВК “Пацейкі”. Дарэчы, упэўненая гульня Уладзіміра Лукашэвіча, які заняў першае месца ў індывідуальным першынстве, і прынесла жаданы вынік. На другім месцы апынулася каманда СВК “Ванелевічы”, на трэцім – РСУП “С “Прамень”, за якую гуляла лепшая шашыстка турніру Надзея Баранава.
Выдатная гульня Алены Сядзінкінай прынесла агульнакамандную перамогу СВК “Мажа-Агра” ў шахматным першынстве, а лепшы ігрок турніру Анатоль Тукай вывеў каманду з Пацеек на другое месца. Трэцяя сума ачкоў – у СГФ “Грозава”.
У нядзелю спаборнічалі каманды гарадскіх арганізацый – гаргазу, ЖКГ, масласырзавода і райаграсервісу. Упэўненую перамогу святкавалі шашысты жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Другое месца заняў райаграсервіс і трэцяе – гаргаз. Лепшымі ігракамі прызнаны Ірына Драніч (ЖКГ) і Мікалай Шкадарэвіч (райаграсервіс).
У шахматыстаў перавага ў паўачка дазволіла камандзе райаграсервісу заняць першае месца. На другім апынуліся аматары шахмат з масласырзавода, а на трэцім – гаргазу. Індывідуальнай гульнёй бліснулі Іна Галанава (МСЗ) і Юрый Нарэйка (райаграсервіс). Ад арганізатараў турніру прызёры атрымалі граматы, а пераможцы ў дадатак – памятныя сувеніры.